Бітва пад Воршай
9 сентября 2007 г.У суботу яшчэ на пад’ездах да Воршы супрацоўнікі міліцыі спынялі аўтамабілі й высвятлялі, куды накіроўваюцца іх пасажыры. Пад пільнае вока супрацоўнікаў органаў аховы правапарадку трапілі не толькі аўтааматары, яле і тыя, хто ехаў на маршрутных таксоўках, рэйсавых аўтобусах і нават у цягніках, якія следавалі праз Воршу з Мінска, Віцебска, Гомеля і Магілёва. Многіх заварочвалі назад, не даючы праехаць у горад, а некаторых прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў вярталі ў цягнікі й адпраўлялі назад туды, адкуль яны прыехалі. Такое здарылася з групай актывістаў з Горак.
Напярэдадні міліцыянты разам з сапёрамі аблажылі Крапівенскае поле, дзе меліся адбыцца святкаванні, матывуючы гэта інфармацыяй пра замініраванне мясцовасці. Людзі, якія прыехалі на свята з усёй Беларусі, тым не менш, працягвалі гуртавацца і спадзяваліся атрымаць задавальненне ад рыцарскага турніру і фестывалю бардаўскай песні, абяцаных арганізатарамі.
Тады да іх пад’ехалі міліцэйскія машыны, і пачаліся першыя затрыманні. Адразу ў руках міліцыянтаў апынуліся больш за сорак чалавек, якіх адвезлі ў Аршанскі райаддзел міліцыі.
Сярод затрыманых былі старшыня мінскай гарадской арганізацыі “Маладога фронту” Зміцер Федарук, маладафронтаўцы з Салігорску Ілля ды Іван Шылы, іншыя актывісты. Людзей пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку да самай раніцы, нават не складаючы пратаколаў аб затрыманні, што супярэчыць дзейнаму заканадаўству. У гэты ж час у любускім лесапарку Магілёва былі затрыманыя каля дваццаці мясцовых актывістаў, якія таксама меліся там адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы. Іх таксама даставілі ў міліцэйскі пастарунак, дзе пратрымалі да дзесятай гадзіны вечара.
Арышты працягваліся і на наступны дзень. Група актывістаў у нядзелю зранку вырашыла вярнуцца на Крапівенскае поле, але там іх ужо чакалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Зноў былі затрыманыя прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці - бард і грамадскі дзеяч Андрэй Мельнікаў, арганізатар свята, мастак Алесь Пушкін - усяго каля дваццаці чалавек.
Супраць некаторых актывістаў могуць узбудзіць крымінальную справу за знявагу дзяржаўных сімвалаў. Пасля затрымання некалькі чалавек знаходзіліся ў актавай залі Аршанскага РАУС, і нехта выкінуў праз вакно дзяржаўны сцяг. Гэта ўбачылі спецназаўцы і затрымалі ўсіх, хто знаходзіўся ля пастарунка, да высвятлення абставінаў. Паводле апошняй інфармацыі, крымінальную справу пагражаюць завесці супраць мастака Алеся Пушкіна, а таксама маладафронтаўцаў Алены Макарэвіч і Аляксея Янушэўскага. У актывістаў “Маладога фронту”, якія засталіся ў Воршы для адсочвання развіцця падзеяў, не спрацоўвае мабільная сувязь, і перадаваць інфармацыю яны могуць толькі з вулічных тэлефонаў-аўтаматаў.
Яшчэ аднаго з затрыманых – сустаршыню аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніса Садоўскага абвінавачваюць у непадпарадкаванні і супраціве супрацоўнікам міліцыі – адзін міліцыянт сцвярджае, што Садоўскі падчас затрымання нанёс яму цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпіны на руцэ. Маладзёна трымаюць у пастарунку, на яго склалі пратакол аб адмітністратыўным правапарушэнні, і ў панядзелак над ім павінен адбыцца суд.