1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аўдыёсвет беларускае казкі

Генадзь Канстанцінаў

У мінскім кінатэатры “Перамога” пры падтрымцы ЮНІСЭФ адбылася прэзентацыя аўдыёпраекта “Беларускія народныя казкі”. Гэты свайго кшталту ўнікальны аўдыёзборнік выпушчаны ў Беларусі ўпершыню.

https://p.dw.com/p/EH47
Фото: dpa

У запісы казак узялі ўдзел вядомыя ў краіне людзі, такія як лідэр фолк-мадэрн-гурта “Палац” Алег Хаменка, які і быў ініцыятарам праекту, тэле- і радыёвядоўца Тамара Лісіцкая, а таксама адзіная ў Беларусі прафесійная распавядальніца казак Людміла Рыжкова. Як кажа Алег Хаменка, “сапраўды недарэчна, што беларускіх казак у аўдыёварыянце амаль немагчыма набыць у Беларусі. З аднаго боку, гэта дзіўна, а з іншага боку, сорамна. Таму я ўзяўся за гэты праект, і да яго адразу ж далучыліся мае сябры, якім я за гэта вельмі ўдзячны”.

Тамара Лісіцкая, якая рыхтуецца стаць ужо шматдзетнай маці (цяпер у папулярнай журналісткі сын і дачка, а праз колькі тыдняў чакаецца яшчэ папаўненне) падкрэсліла, што ўдзел у гэтым праекце быў для яе невыпадковым: “Казкі – дэфіцытная рэч, іх не хапае. Мы маем дома калекцыю дыскаў сорак. На беларускай мове казак няма ўвогуле. Таму гэта яшчэ і місія такая, я яшчэ і адказнасць адчувала ў пэўным сэнсе”.

Казка – адбітак народа

Паводле Алега Хаменкі, матэрыялу для зборніку, які пакуль складаецца з дзесяці кампакт-дыскаў і амаль сямідзесяці казак, было вельмі багата, прычым у казках многа словаў даялектных, якія часам падаюцца малазразумелымі, але было вырашана пакінуць іх пры запісы, каб захаваць аўтэнтычнасць. Да таго ж, як адзначыў аўтар праекту, “калі хочаце адчуць ментальнасьць чалавека ці ментальнасць народа, чытайце яго казкі. Усё становіцца відавочна, калі пачытаеш беларускія казкі: якое жыццё, якія праблемы, як ставіліся да царквы, да паноў, як, напрыклад, ацэньваецца падман у беларусаў: добра гэта ці дрэнна, і гэтак далей”.

На думку Тамары Лісіцкай, беларускія казкі вельмі розняцца ад казак іншых народаў, як усходніх, так і заходніх: “У беларускіх казках амаль няма драконаў, крышталёвых палацаў, вадападаў, феяў, там усё такое рэчаіснае, сапраўднае, дзяды ходзяць – нейкі цуд рэальнасьці”.

Людміла Рыжкова, якая не толькі прафесійна чытае казкі, але і кіруе дзіцячым фальклорным калектывам “Калыханка”, падкрэсліла, што ўвага дзяцей шмат у чым залежыць ад таго, хто і як начытваў матэр’ял: “Я сама заўважыла: калі я вяла, распавядаю казку і сама ёю не жыву, то і дзеці будуць сумаваць. А калі сама пачынаеш “уязджаць” у тую сітуацыю, пра якую распавядаеш, то і дзеці пачынаюць лавіць кожнае слова”.

Як здорава, што гэта ёсць

На прэзентацыю людзі прыйшлі цэлымі семьямі:

- “Мы вельмі любім гэтыя казкі, і вельмі хацелася, каб Яна, наша дачка, паглядзела ўжывую на тых людзей, якія гэтыя казкі стваралі”.

- “У нас ёсць ужо першыя сем дыскаў, і з вялікім задвальненнм і дачка наша слухае, і самі слухаем. Бо гэта сапраўды нешта такое новае, чаго яшчэ не было, і проста здорава, што гэта з’явілася”.

Як адзначыў Алег Хаменка, “мы ўжо думалі, што сёння будзе ўжо кропка – вось, зрабілі, і ўсё. Але мне здаецца, імпрэза дазваляе гаварыць, што гэта шматкроп’е, а, магчыма, і пытальнік - ці будзе працяг?”

Пры канцы прэзентацыі адбыўся паказ беларускіх мультфільмаў і выступ фальклорных калектываў “Калыханка” ды “Гуда”, а таксама самога аўтара праекту Алега Хаменкі.