1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Апазіцыя: Цэнтральны выбарчы камітэт займаўся самадзейнасцю

7 октября 2008 г.

6 кастрычніка адбылася публічная справаздача члена Цэнтрвыбаркаму з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ Галіны Сямдзянавай, якая распавяла пра не прадугледжаныя заканадаўствам захады ЦВК.

https://p.dw.com/p/FVYQ
Акцыя апазіцыі супраць непразрыстасці выбараўФото: AP

Па словах Галіны Сямдзянавай, члена Цэнтрвыбаркаму з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ, для сябраў ЦВК з правам дарадчага голасу ад палітычных партыяў былі створаны няроўныя ўмовы для працы ў камісіі параўнальна са сталымі яе чальцамі.

Да прыкладу, пра чарговыя паседжанні камісіі партыйных сябраў ЦВК папярэджвалі напярэдадні іх правядзення, а ў выпадку, калі разглядаліся скаргі прэтэндэнтаў на кандыдата ў дэпутаты на адмову ім ў рэгістрацыі, партыйных выбаркамаўцаў загадзя нават не знаёмілі ні з парадкам дня, ні з дакументамі, якія разглядаліся на паседжанні.

“Мы не мелі магчымасці азнаёміцца з гэтымі матэр’яламі, мы бачылі толькі прэтэндэнта і мелі магчымасць толькі прачытаць скаргу, прычым, мы чыталі толькі скаргі і не бачылі ніякіх матэр’ялаў праверак. Гэтых матэр’ялаў нам ніхто не паказваў і не даваў”.

Куратары з неабмежаванымі правамі

Як адзначыла Галіна Сямдзянава, калі пачалі разглядаць скаргі, высветлілася, што іх дакладаюць нейкія куратары па абласцях і горадзе Мінску. “Я яшчэ раз уважліва перагледзела Выбарчы кодэкс і нідзе не ўбачыла такога паняцця, як куратары, і тым больш тых правоў, якія яны маюць. Ні закон аб Цэнтральнай камісіі, ні Выбарчы кодэкс не даюць тлумачэння, што такое гэтае куратарства”.

Чальцы камісіі ад партыяў не мелі права ўдзельнічаць у праверках, атрымліваць неабходныя дакументы і нават галасаваць. “А вось гэтыя куратары – галоўныя спецыялісты сакратарыята Палаты прадстаўнікоў – мелі неабмежаваныя правы. Яны выязджалі на месцы, яны сустракаліся з любымі камісіямі, з любымі прадстаўнікамі ўлады і патрабавалі ад іх усе дакументы, якія яны хацелі”, - гаворыць Галіна Сямдзянава.

Ніякага кантролю за дзейнасцю гэтых куратараў ажыццявіць было немагчыма, таму, як лічыць член Цэнтрвыбаркаму з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ, “гэты інстытут куратараў – супрацьзаконны”.

ЦВК у адстаўку

Кіраўніцтва ЦВК самастойна, без правядзення паседжання прыняло рашэнне аб паўторы выступаў кандыдатаў у дэпутаты па тэлебачанні і радыё, хаця сябры камісіі ад партыяў, калі б ведалі пра такі намер ЦВК, патрабавалі б не паўтору, а новазапісаных выступаў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Таксама, паводле словаў Сямдзянавай, не праводзілася адмысловае навучанне шэраговых сябраў участковых і акруговых выбарчых камісіяў, што ёсць парушэннем заканадаўства. Не прымала Цэнтральная камісія і прэтэнзіі на фармаванне ўчастковых камісіяў, дзе амаль не было прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў.

Былі прыведзеныя Галінай Сямдзянавай і яшчэ шмат прыкладаў таго, што ЦВК не быў зацікаўлены ў правядзенні сапраўдных выбараў у Беларусі, пра неадпаведнасць якіх міжнародным стандартам заявілі і міссіі назіральнікаў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ.

“Гледзячы на такія вынікі, у любой цывізілаванай дзяржаве ЦВК павінен ісці ў адстаўку, бо з году ў год выбары не прызнаюцца”, - падсумавала Галіна Сямдзянава.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще