1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Апазіцыянераў выклікаюць у ваенкамат у дзень “Чарнобыльскага шляху”

Ларыса Новікава

Шэсць гарадзенскіх актывістаў атрымалі позвы ў ваенкамат для зверкі дакументаў. Падавалася б, справа звычайная, калі б не дзень, на які іх выклікаюць, і не спосаб уручэння позваў.

https://p.dw.com/p/8JGV

У Гарадзенскі абяднаны гаррайваенкамат выклікаюць апазіцыянераў, якія ў мінулую прэзідэнцкую кампанію працавалі ў штабе Аляксандра Мілінкевіча і якія ў той час былі пакараныя адміністрацыйным арыштам. Усе яны павінныя з’явіцца, каб удакладніць дадзеныя аб вайсковым уліку, у розны час, але ў адзін дзень – 26 красавіка, калі ў Мінску плануецца акцыя дэмакратычных сілаў “Чарнобыльскі шлях”.

Адзін з тых, хто атрымаў позву, Максім Губарэвіч, не з’яўляецца ваеннабавязаным, бо мае сур’ёзныя праблемы са зрокам. Ён нагадвае, што напачатку сакавіка гарадзенскіх актывістаў выклікалі ў міліцыю, калі ў Мінску рыхтавалася акцыя апазіцыі.

Яшчэ адзін актывіст Уладзімір Хільмановіч мае двух маленькіх дзетак ва ўзросце да трох гадоў: “Войска не мела ўва мне патрэбы 20 гадоў пасля таго, як я адслужыў”, – кажа Хільмановіч. На яго думку, умовы ваенкамату дыктуе ўлада, а таму ён асцерагаецца магчымых правакацыяў – ад пазбаўлення дакументаў да арышту з надуманай прычыны.

Карэспандэнта газеты «Салідарнасць» Івана Романа не выклікалі ў ваенкамат з 1989 году. А цяпер позву ён атрымаў не ад пасыльнага, як гэта звычайна было, а ад участковага міліцыянта, якога суправаджалі два чалавекі ў цывільным.

Да Віктара Сазонава, у якога ў аўтааварыі была пакалечаная нага, таксама прынёс позву міліцыянт, да таго ж а палове на першую ночы. Дзверы Сазонаў не адчыніў. Ён мяркуе, што актывістаў могуць выкарыстаць у якасці закладнікаў, з якімі можна зрабіць усё.

Да астатніх апазіцыянераў позвы таксама прыносілі супрацоўнікі міліцыі. Да позваў была далучаная раздрукоўка з вытрымкамі з Адміністрацыйнага ды Крымінальнага Кодэксаў пра тое, што ўхіленне ад вайсковага ўліку караецца штрафам ад 30 да 1000 базовых адзінкаў альбо арыштам на тэрмін да 3 месяцаў.

Эдуард Дзьмухоўскі, якога вызвалілі ад ваенага абавязку яшчэ за савецкім часам, запытаўся ў участковага, чаму позвы носіць менавіта міліцыя? Участковы адказаў, што ён выконвае загад кіраўніцтва. А ў ваенкамаце тлумачаць, што нібыта па першым выкліку ніхто не з’явіўся. На думку актывістаў, такім чынам іх могуць прыцягнуць да адказнасці за ўхіленне ад вайсковага ўліку.

У дзень “Чарнобыльскага шляху» ваенкамату спатрэбіліся таксама і актывісты незалежнага Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін ды Анджэй Пачобут, які пакутуе ад высокага ціску. У звязку з гэтым дэпутат гарсавету Сяргей Антусевіч, які таксама атрымаў позву на 26 красавіка, пажартаваў, цытую: “Улада, падаецца, вырашыла сфармаваць батальён з апазіцыі, а камандоўцам напэўна прызначаць падпалкоўніка запасу Тадевуша Гавіна, як самага старшага па званні».