1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Анжаліка Борыс прызнана ў Польшы «жанчынай года-2005»

8 марта 2006 г.

Старшыня грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў Беларусі” стала пераможцай конкурсу ўплывововага часопісу “Твой стыль. Але на ўручэнне прыза ў Варшаву яна не трапiць. Чаму?

https://p.dw.com/p/85aP

Прыз у намінацыі “Жанчына года”, які быў заснаваны ўплывовым часопісам “Твой стыль”, мае назву “Залаты вавжын” – “Залаты ліст лаўра”. Штогод ён уручаецца жанчыне, заслугі якой перад грамадствам атрымалі ўсеагульнае прызнанне. У 2005-ым на яго прэтэндавалі 10 знакамітых грамадскіх дзеячаў, сярод якіх актрысы Анна Дымна і Крыстына Янда, жонка экс-прэзідэнта Польшчы Иаланта Квасневска, манашка Барбара Садоўска і прадстаўнік польскага Міністэрства замежных справаў Ірэна Ліповіч. А пераможцай была прызнаная грамадзянка Беларусі, старшыня незалежнага Саюза палякаў Анжаліка Борыс, як адзначана у часопісе “Твой стыль”, “за цвёрдасць, з якой яна абараняе польскую культуру ад рэпрэсіяў уладаў Лукашэнкі”.

Роўна год таму на з”езде ў Гродна Анжаліка была абраная старшынёй грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў Беларусі”, але Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікаў з”езда. У ліпені 2005-га АМОН захапіў будынак гарадзенскага Дома палякаў, а ў жніўні пад кантролям уладаў быў праведезены паўторны з”езд, на якім абралі новае кіраўніцтва СПБ.

Але незалежны Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс атрымаў прызнанне ўрада Польшчы, а незалежныя выданні СПБ – газета “Глос знад Немна” і часопіс “Магазын польскі ў выгнанні” зараз друкуюцца з дапамогай польскага Камітэта “Салідарныя з Беларуссю”.

У самой Беларусі з сакавіка мінулага года Анжаліка Борыс і яе прыхільнікі падведзеныя пад пераслед. Па падліках Анжэлікі, на мінулым тыдні яе выклікалі на допыт у міліцыю ў 70-ты раз.

А 17 лютага, калі Анжаліка Борыс вярталася з Польшчы, куды яе запрасілі як сябра Кансультацыйнага Савета Палоніі света пры польскім Сенаце, гарадзенскія памежнікі адабралі ў яе пашпарт, быццам бы для праверкі. Як паведаміла “Нямецкай хвалі” Анжаліка Борыс, у візавым аддзеле ёй сказалі, што дакумент адняты на нявызначаны час без тлумачэня прычынаў.

Таму 15 сакавіка на ўручэнне прыза “Залаты Вавжын” Анжаліка Борыс не трапіць, замест яе прыз атрымае іншы чалавек. “Гэта вельмі крыўдна, - лічыць Анжаліка Борыс. – У Польшчы мяне пазнаюць на вуліцах і віншуюць, а ў Беларусі я злачынец толькі за тое, што наш Саюз палякаў працягвае планавую працу”.

Анжаліка ўдакладняе, што незалежны СПБ збірае на сустрэчы і канцэрты сотні сваіх прыхільнікаў, а спартсмены СПБ нядаўна прымалі ўдзел у Алімпіядзе Палоніі ў Польшчы і прывезлі некалькі медалёў.

“Я вельмі ўдзячная польскай грамадскасці за прызнанне нашай працы па захоўванню незалежнага Саюза палякаў Беларусі”, - гаворыць лаўрэат прэміі “Залаты вавжын-2005” Анжаліка Борыс.