Аляксандр Мілінкевіч даслаў ліст Хельге Шмідт
28 ноября 2008 г.Реклама
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч распавёў DW-RADIO, чаму менавіта спадарыні Хэльге Шмідт адрасавана пасланне, і пра што ў ім ідзе гаворка:
"Гэта вельмі ўплывовы чалавек, гэта найблізкі супрацоўнік Хаўера Саланы, гэта чалавек, які выдатна ведае сітуацыю на Беларусі і мае зрабіць сюды візіт, і ад гэтага візіту шмат будзе залежаць і ў працягу дыялогу, і ў выніках, якія маюць быць у красавіку. Я ведаю Хельгу Шмідт, гэта выдатны дыпламат, сур’ёзны спецыяліст, і напярэдадні яе візіту я хацеў публічна выказаць свой падыход да працягу перамоваў.
Я лічу, што тыя ўмовы, якія былі сфармуляваныя Еўразвязам для працягу дыялогу, для развіцця супрацоўніцтва, усе пункты надзвычай важныя, але ўсё ж лёсы людзей – гэта самае галоўнае. Безумоўна, усе мы рады, што былі вызваленыя восем палітвязняў, але нямала людзей пераследуюцца па-ранейшаму, і таму Еўразвяз мусіць пачынаць размовы менавіта з гэтага. Таму што ёсць людзі, якія не могуць пабачыць сваіх бабуляў-дзядуляў, бацькоў, бо вучацца за мяжой, але не могуць прыехаць у Беларусь нават накоратка. Ёсць "Справа чатырнаццаці", і ў Еўразвязе гэта ведаюць, я проста выказаў сваю думку, што гэта - першы пункт перамоваў". (гк)