1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аляксандр Мілінкевіч аштрафаваны на 20 базавых велічынь

15 мая 2008 г.

15 траўня ў Салігорску быў затрыманы лідэр руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч, які падчас паездкі па рэгіёнах сустракаўся з выбаршчыкамі. Гэта ўжо не першы выпадак яго затрымання пасля сустрэчаў з грамадзянамі.

https://p.dw.com/p/E0TQ
Фото: AP

Падрабязнасці падзеяў DW-RADIO паведаміў прадстаўнік прэс-службы Мілінкевіча Арцём Лява, які суправаджаў экс-кандыдата на прэзідэнта ў паездцы: “Затрымалі нас на выездзе з Салігорску. У прынцыпе, гэта быў першы выпадак, калі затрымлівалі на выездзе з гораду, мы нават трошкі здзівіліся. Затым адна міліцэйская машына, потым яшчэ дзве пад’ехалі – адна кадэбісцкая, другая міліцэйская, і патрабавалі праехаць для тлумачэнняў.

Мілінкевіч кажа: калі вы мяне затрымаліваеце, то затрымлівайце, а так я не паеду. Яны сказалі, што тады сілай павязуць. Чакалі. Потым у рэшце рэшт пад’ехаў начальнік раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Салігорску, паказаў пасведчанне і сказаў, што затрымліваем і прад’яўляем абвінавачанне па артыкуле 23.34 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Зараз ён у пастарунку”.

На Аляксандра Мілінкевіча быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, пасля чаго суд Салігорска аштрафаваў палітыка на 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34 КаАП за распаўсюд улётак з заклікам на акцыю 16 мая.

"Я не прызнаю сваёй віны, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Калі людзі не адстойваюць свае правы, то яны не свабодныя".