Аляксандр Казулін – больш не афіцыйны, але ганаровы старшыня БСДП(Г)
Яшчэ з самага ранку не было вядома, што на парадак дня з’езду будзе ўнесена арганізацыйнае пытанне, таму што з’езд плянаваўся як тэхнічны, дзе павінны былі быць зацверджанымі кандыдаты ў дэпутаты ад БСДП(Г) на будучыя парламенцкія выбары. Таксама павінен быў быць абраным прадстаўнік партыі ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Аднак, з самага пачатку быў прыняты іншы парадак дня, у якім было ўнесенае пытанне правесці не проста тэхнічны, але праваздачна-выбарчы з’езд з усімі наступствамі, то бок з выбарамі і справаздачай кіраўніцтва партыі.
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Анатоль Ляўковіч падверг рэзкай крытыцы чальцоў сфарміраванай не так даўно фракцыі "За ўнутрыпартыйную дэмакратыю ", у якую ўваходзіць Ігар Рынкевіч, Алег Волчак, Вольга Казуліна ды іншыя вядомыя ў партыі асобы. Ляўковіч назваў іх дзеянні дэструктыўнымі.
Таксама Анатоль Ляўковіч падверг крытыцы Аляксандра Казуліна, які зараз адбывае пакаранне ў калёніі ў Віцебску. Паводле Ляўковіча, вобраз Казуліна дагэтуль не ўспрымаецца ў народзе, вобраз Казуліна звязаны з экстэмізмам, узгадваючы акцыі 25 сакавіка 2006 года. Акрамя таго, па словах Ляўковіча, вобраз Казуліна нават на Захадзе, менавіта ў міжнародным сацыял-дэмакратычным грамадстве, пакуль не ўспрымаецца як вобраз лідэра сацыял-дэмакратаў у Беларусі.
Падрабязней аб ходзе з’езду слухайце ў панядзелак 4 жніўня ў эфіры інфармацыйна-аналітычнай праграмы “Беларуская хроніка”.