1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Алесь Разанаў: “Беларускую мову можа выратаваць уступленне Беларусi ў Еўразвяз”

Гутарыў Вiталь Аляхновiч23 ноября 2005 г.

Вядомы беларускi паэт вярнуўся на Радзiму.Больш за чатыры гады правёў ён у Нямеччыне ды Аўстрыi. За гэты час ён прыдумаў новы жанр для сучаснай нямецкай паэзii – белага верша ў некалькi радкоў i выдаў тры кнiгi

https://p.dw.com/p/7Vc7

Алесь Разанаў належыць да колькасцi тых нацыянальных пiсьменнiкаў, якiх цяперашнiя ўлады iмкнуцца не заўважаць, а творчая элiта ўзносiць да нябёсаў. Яшчэ пры канцы 70-х гадоў Разанаў быў выключаны з Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта за тое, што патрабаваў беларусiзацыi галоўнай навучальнай установы дзяржавы. Працаваў у такiх папулярных i ў той час прагрэсiўных айчынных выданнях, як газета «Лiтаратура i мастацтва» i часопiс «Крынiца».

Выхад кожнага новага зборнiка паэта ёсць падзеяй для нацыянальнай лiтаратуры. Разанаў актыўна эксперыментуе з формай верша, прыдумаў такiя паэтычныя жанры, як пункцiры, вершаказы, квантэмы. Лiтаратуразнаўцы называюць Разанава буйнейшым еўрапейскiм паэтам, а калегi ўсур`ёз абмяркоўваюць вылучэнне яго кандыдатуры на атрыманне Нобелеўскай прэмii.

Чатыры гады, праведзеныя за мяжою, Разанаў называе не эмiграцыяй, а творчай стажыроўукай. За гэты час ён прыдумаў новы жанр для сучаснай нямецкай паэзii – белага верша ў некалькk радкоў i выдаў тры кнiгi. У аўcтрыйскiм горадзе Грацы выйшаў яго зборнiк нямецкамоўных вершаў пад назовам «Wortdichte». Паэтычныя кнiгi, якiя ўбачылi свет у Гановеры ды Берлiне, напiсаныя на дзьвюх мовах – нямецкай i беларускай. Гаворыць Алесь Разанаў:

“Гэтая асаблівасць кніг важная, у сучаснай сітуацыі важная, асабліва для нашай літаратуры, для нашага голасу, існавання, адгалоску”

Як чалавек, што працуе са словам, Алесь Разанаў не мог не звярнуць увагу на адпаведную сiтуацыю ў краiнах Еўразвязу i параўнаць яе з беларускай. Паводле паэта, у еўрапейскiх краiнах нiшто не пагражае iснаванню моваў. I нават калi пачынаюцца рэформы, то яны праходзяць унутры мовы, а не шляхам дэскрымiнацыи. Таму Алесь Разанаў лiчыць, што беларускую мову можа выратаваць уступленне Беларусi ў Еўразвяз:

“Для нас уваход у Эўразвяз быў бы вырашэннем многіх пытанняў самастойнасці, пытання мовы і пытання супольнасці з іншымі культурамі, літаратурамі, краінамі”.

На пытанне, каго ў сённяшняй Беларусi вы лiчыце духоўным лiдэрам, паэт вызначыў, што

“Гэта сам народ. Асобаў такіх я, можа таму, што не паспеў добра агледзецца, я не бачу. Але асабліва не трэба вылучаць з народа ні апосталаў, ні прарокаў... Народ поўны нераскрытасці, і ў гэтай нераскрытасці яго і будучыня, і яго патэнцыял”.

Спецыяльна для слухачоў “Нямецкай хвалi” аўтар прачытаў свой верш “Зімовыя прыцемкі”, створаны за мяжой.

Белая ціша ўслала палі і пагоркі,

Цямнее ў далечы лес.

Нібы загарнуліся спісаныя старонкі

І адгарнулася новая. Адступілі

ў мінулае вабныя краявіды

І занямелі дзеі, што ўражвалі навіною,

А з імі таксама людзі.

Каб услухоўвацца моўчкі цяпер у тое,

Што, не спытаўшыся ў іх, настала

і авалодала наваколлем.

Запальваючы ў невідушчых дамах агні

Чыйсьці самотны голас,

Агортваючыся ў адгалоссе,

Кліча кагосьці дамоў...

Ля дарогі капліца.