1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Актыўная грамадскасць супраць палітычнага пераследу маладзёнаў

Генадзь Канстанцінаў

1 чэрвеня ў Салігорску прадстаўнікі маладзёвых арганізацыяў, праваабаронцы і журналісты выказалі пратэст мясцовым спецслужбам у сувязі з судовымі пераследамі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт".

https://p.dw.com/p/AndG

На дадзены момант пад крымінальным пераследам знаходзіцца лідэр салігорскай арганізацыі "Маладога фронту", вучань 10-й класы сярэдняй школы нумар 4 Салігорску Іван Шыла. Яго звінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістравнай арганізацыі. Нагадаю, што лідэр "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч дагэтуль адбывае тэрмін на гэтак званай “хіміі” па гэтым жа артыкуле, а колькі дзён таму яшчэ 4 актывісты арганізацыі былі асуджаныя на вялікія грашовыя штрафы. Яшчэ многіх салігорскіх дзесяцікласнікаў – актывістаў нават у час заняткаў па шмат разоў выклікалі на допыты супрацоўнікі мясцовага КДБ і пракуратуры. На Усясветны дзень абароны правоў дзіцяці прадстаўнікі грамадскасці вырашылі наведаць Салігорск, каб выказаць падрымку тамтэйшым маладзёнам. Па прыездзе ў “сталіцу беларускіх гарнякоў” госці сустрэліся з актывістамі мясцовае моладзі. Заснавальнік "Малалога фронту" Павал Севярынец вітаў той факт, што апошнія справы супраць маладафронтаўцаў у Мінску не скончыліся пазбаўленнем волі, але адзначыў:

"Не спыненыя дзве крымінальныя справы па маладафронтаўцах – адна з іх супраць Івана Шылы як падазраванага, і адна з іх тычыцца Баранавічаў і Яраслава Грышчэні. І Яраслаў, і Іван бралі актыўны ўдзел у акцыі ля Савецкага суда Мінску, дзе адбываўся працэс над пяццю маладафронтаўцамі. Гэта проста ўнікальныя людзі, таму я хацеў бы падзякаваць за тое, што вы Івана падтрымліваеце, за тое, што змагаецеся разам з ім. У нас у Мінску гэта проста легенда".

Шаснаццацігадовы вучань Іван Шыла, ён жа лідэр салігорскага "Маладога фронту", распавёў "Нямецкай хвалі", у якім стане ён цяпер знаходзіцца:

"Пакуль я маю статус падазраванага, ужо праведзена 8 допытаў па справе, а дагэтуль справа сталася фактычна вынікам праверкі, якую ладзіў мясцовы КДБ з 2 да 10 траўня. У яе межах у Салігорску былі дапытаныя 11 чалавек, да таго ж допыты праводзіліся ў Нясвіжы, Жодзіне, Мінску і Слуцку. Агулам гэта недзе 22-23 чалавекі. Большасць з іх – непаўнагадовыя, асабліва з Салігорску".

Пасля сходу больш за 25 чалавек – саміх маладафронтаўцаў, а таксама іх бацькоў, праваабаронцаў і журналістаў наведалі тыя дзяржаўныя ўстановы, якія чыняць пераслед непаўнагадовых. У салігорскай пракуратуры прысутных прыняў супрацоўнік гэтае ўстановы, які паведаміў, што ўсе адказныя па справе "Маладога фронту" асобы ад мясцовай пракуратуры пераведзеныя на падвышэнне ў Мінск. І ўвогуле, справаю займаецца Мінская абласная пракуратура, і што Салігорская раённая пракуратура не ведае, што за справы вядуцца ў горадзе дачынна маладзёнаў. На гэта палітык Павал Севярынец, які выступаў ад імя прысутных, адказаў, што не верыць аніводнаму слову чыноўніка. Людзей скіравалі ў мясцовае аддзяленне КДБ, куды людзей проста не пусцілі, а чалавек, які выйшаў на ганак і прадставіўся проста шафёрам, паведаміў, што нікога з кіраўніцтва няма. Аднак пасля таго, як і бацькі, і самі дзеці прызналі ў шафёры асобу, што ладзіла ператрусы ў іх хатах, той адразу знік, шчыльна зачыніўшы дзверы дзяржбяспекі. У райаддзеле міліцыі пасля шматлікіх намаганняў паразмаўляць з мясцовым начальнікам Уладзімірам Захарчуком удалося толькі Паўлу Севярынцу, іншыя дапушчаныя не былі.

“Ніводзін закон не дазваляе чыніць гвалт адносна дзяцей (а бальшыня пераследаваных маладафронтаўцаў – гэта маладзёны ў веку 16 гадоў - школьнікі). Пры змене ўлады адказнасці не пазбегнуць усе, хто парушаў дзейную Канстытуцыю краіны. У рэшце рэшт, будзе суд, больш справядлівы за зямны”, - заявіў чыноўніку Севярынец.

Палітык Вячаслаў Сіўчык, які таксама быў у часе візітаў, так ацаніў рэакцыю мясцовых сілавікоў:

"Гэтыя наведванні паказалі, што нічога вечнага, у тым лику і лукашызму, у свеце няма. Усе цудоўна разумеюць, а гэта было бачна і па паводзінах і пракуратуры, І КДБ, і міліцыі, што ідзе найгрубейшае парушэнне беларускага заканадаўства. І, між іншым, яны разумеюць, што многім давядзецца несці адказнасць за гэтыя дзеянні".

Найбліжэйшым часам падобную вандроўку маладафронтаўцы і палітыкі мяркуюць здзейсніць у Баранавічы, дзе таксама вядзецца крымінальная справа супраць аднаго з масцовых моладзевых актывістаў.