1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ад Парыжу да Берліну - пяшшу і без грошай

Вольга Мельнік

Андрэас Альтман паставіў сабе за мэту: пазнаць еўрапейскую рэчаіснасць з абсалютна іншага боку, менавіта з перспектывы валацугі, якому неабходна дабрасардэчнасць людзей. Еўропа – гэта як той кракадзіл ў заапарку.

https://p.dw.com/p/8sGs
Фото: AP

Андрэас Альтман па прафесіі рэпарцёр. Ён аб’ездзіў амаль увесь свет, быў у Азіі і Афрыцы – заўсёды ў пошуку цікавых гісторыяў пра людзей і іх жыццё. На пачатку чэрвеня ён накіраваўся ў падарожжа па Еўропе – ад Парыжу да Берліну. На першы погляд – нічога асаблівага, калі не ўлічваць той факт, што падарожжа гэтае Андрэас Альтман вырашыў зрабіць пяшшу і без грошай.

“Мне прыйшла у галаву гэтая ідэя, але потым мяне ахінуў страх. Мае сябры прадказвалі, што мяне знішчыць жорсткасць людзей, што я траплю пад машыну альбо памру, змораны голадам і смагай.”

Нягледзячы на змрочныя прагнозы, Андрэас Альтман усё ж такі накіраваўся ў падарожжа. Ён пакінуў сваю парыжскую кватэру, маючы ў кішэні 3 еўра, некалькі лустачкаў салямі ды 2 дзясяткі цыгарыляў. Ад Парыжу да Берліну ні многа ні мала 1100 кіламетраў. Яго маршрут пралягаў праз тры краіны - Францыю, Бельгію і Люксембург, паміж якімі межы з цягам часу зніклі:

“Гэта ужо еўрапейскі прывілег, што адзін можа трапіць да другога, не будучы пры гэтым адсканаваным. Гэта так цудоўна, што я магу падацца ў Люксембург, у Берлін, і ніхто мяне не спыніць”.

Альтман паставіў сабе за мэту: пазнаць еўрапейскую рэчаіснасць з абсалютна іншага боку, менавіта з перспектывы валацугі, якому неабходна дабрасардэчнасць людзей, бо на шляху ў Берлін ён быў вымушаны жабраваць:

“Спачатку я не меў ніякага ўяўлення, як гэта робіцца. Але навучыўся я гэтаму вельмі хутка, як толькі я ўпершыню па-сапраўднаму адчуў голад. Тады я проста зайшоў у краму і папрасіў нешта паесці. Крыху пазней я зразумеў, што яшчэ лепш пры гэтым крыху пакашляць, альбо паведаць нейкую гісторыю. Ужо праз некалькі дзён я мог атрымліваць тое, што хацеў, без вялікіх высілкаў. Але выглядаў я пры гэтым як апошні абадранец”.

Паводле Альтмана, Еўропа – гэта як той кракадзіл ў заапарку. Укормлены, млявы і нерухавы, стомлены ад добрага жыцця, у яго знік апетыт да нечага новага. На сваім шляху праз Сярэднюю Еўропу ён сустрэў шмат цікавых людзей і зведаў шмат новага не толькі пра сабе, але і пра еўрапейскую рэчаіснасць. Праз 34 дні Андрэасу Альтману ўсё ж такі ўдалося дабрацца да Берліну, пры гэтым ён зрабіў 1 мільён 863 тысячы і 918 крокаў, набыў 17 мазалёў і схуднеў на тры с паловай кілаграмы.