“Адзінага фронту” апазіцыі не прадбачыцца
29 мая 2008 г.Да парламенцкіх выбараў застаецца ўсё менш часу, а адзінства пазіцыі сярод дэмакратычных сілаў адносна ўдзелу ў восеньскай кампаніі няма. Калі кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ужо падрыхтавала так званы “адзіны спіс” кандыдатаў, то ўдзельнікі “Еўрапейскай кааліцыі” мяркуюць браць удзел у кампаніі па выбарах асобна. Як заявіў лідэр “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч, ён не бачыць верагодным удзел сябраў кааліцыі ў выбарах адзіным фронтам з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі.
“Лічу гэта немагчымым, таму што ў кіруючых органах АДС большасць арыентуецца на гульні з Расіяй. Яны нізавошта не пагодзяцца вярнуцца да ранейшых дамоўленасцяў аб утварэнні АДС лістапада 2004 году аб еўрапейскай платформе. Так, “для адчэпнага”, будуць слова “Еўропа” узгадваць, як гэта зафіксавана ў іх у платформе – “у Еўропе добра”, і ўсё. А паставіць такую канкрэтную і такую патрэбную зараз для Беларусі мэту – рухацца ў бок еўрапейскай інтэграцыі – яны не могуць”.
Поспех – у адзінстве
Гэтакі разнабой у шэрагах дэмакратычных сілаў можа згуляць не на іх карысць. Прынамсі, у гэтым упэўнены сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік: “Венік пераламіць значна цяжэй, чымся кожную галінку паасобку. Калі апазіцыя будзе разрозненай, створыць канкурэнцыю для сваіх сяброў у адной выбарчай акрузе, натуральна, шансы на абранне істотна змяншаюцца. Таму я шчыра кажу, калі апазіцыя будзе адзінай, аб’яднанай, калі сябры розных палітычных партыяў будуць падтрымліваць адзін аднаго, шансаў перамагчы ў іх будзе значна больш”.
З словаў Мікалая Лазавіка вынікае, што Цэнтравыбаркам зацікаўлены ў тым, каб як мага больш палітычных партыяў не байкатавалі кампанію, але ўдзельнічалі ў выбарах. “Любая выбарчая кампанія для выбаршчыка цікавая толькі тады, калі ён бачыць розныя пункты гледжання, рэальную канкурэнцыю, і нам было б пажадана, каб усе суб’екты праявілі сябе, рэальна выклалі свае праграмы, якія былі б не проста нейкімі дэмагагічнымі лозунгамі, але рэальнымі эканамічна абгрунтаванымі прапановамі па ўдасканаленні і паляпшэнні нашага жыцця, дзейнасці органаў улады”.
Паводле словаў сакратара Цэнтравыбаркаму, “актыўнасць палітычных партыяў у выбарчай кампаніі можна прыраўняць і да актыўнасці выбаршчыкаў. Падвышаецца палітычная актыўнасць электарату, і больш гарантаваны ўдзел большасці насельніцтва ў выбарчай кампаніі, без якога выбары будуць лічыцца неадбытымі”.
Сітуацыя не саспела
У немагчымасці знайсці агульную мову сярод суб’ектаў дэмакратычных сілаў, на думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, ёсць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя прычыны. “Гэта, на жаль, такая перманентная нават не хвароба беларускай апазіцыі, гэта такі фатум, калі апазіцыя ў любой аўтарытарнай краіне слабая і яна, як гэта не парадаксальна, яшчэ і сама сябе дадаткова расцярушвае. А гэта таму, што яна загнаная ў андэграўнд, у яе мала рэсурсаў, і ідзе тузаніна і барацьба за гэтыя рэсурсы і, адпаведна, узнікаюць гэтыя эўфемерныя калоны – дзве, тры… Хаця, калі разабрацца, то гэта вельмі рэдкія і небаяздольныя калоны”.
Такое становішча, паводле Аляксандра Класкоўскага, часткаю тлумачыцца і верагодным нявераннем дэмсілаў у поспех будучай выбарарчай кампаніі: “Калі б, напрыклад, гэтыя выбары нешта вырашалі, калі б апазіцыя адчувала рэальна, што вось апрошні штурм, і гэты бастыён здасца, то, канешне, яны б хуценька аб’ядналіся, як гэта было і ў Сербіі, і ў Грузіі, дзе адбыліся так званыя каляровыя рэвалюцыі. Хаця звадак і сварак там у апазіцыі таксама было шмат. Калі адчуваюць, што гэта ёсць “наш апошні і рашаючы бой”, тады яны аб’ядноўваюцца. Мусіць, не настаў яшчэ такі момант у Беларусі”.